БЛОГ

Амерыка Антона Трафімовіча
Амерыка Антона Трафімовіча

Замежныя студэнты – асаблівасць амерыканскіх універсітэтаў

Замежныя студэнты – асаблівасць амерыканскіх універсітэтаў

Самае галоўнае свята ў жыцці дзяўчат у Мексіцы – пятнаццаты дзень народзінаў, які святкуецца амаль як вяселле. Калумбія, хоць і адная з самых развітых краін Паўднёвай Амерыкі, але дагэтуль знаходзіцца ў стане грамадзянскай вайны. Калі аўстралійцы не ўдзельнічаюць у выбарах, іх за гэта штрафуюць. У Пакістан можна ехаць без ведання тамтэйшай мовы ўрду: хопіць адной ангельскай, якую там вельмі добра ведаюць. А казачная краіна Ісландыя насамрэч вельмі карумпаваная і бюракратычная. Ні ў воднай з гэтых краін я не быў. Але ведаю пра гэта з размоваў з міжнароднымі студэнтамі.

Любы амерыканскі ўніверсітэт, як і ўсё амерыканскае грамадства, насычаны замежнікамі. Як і ў Беларусі, болей за ўсё тут кітайцаў. Але ў ЗША не сустрэнеш такіх “прыкладаў”, як у нас, што, давучыўшыся да трэцяга курса, слаба разумеюць па-руску. Але потым усё роўна гэтыя студэнты абараняюць беларускія дыпломы. І калі ў БДУ можа пракаціць варыянт, калі выкладчык ставіць студэнту залік толькі таму, што той яму надакучыў,  у Штатах такога студэнта з ганьбай выганяць.

 

Каб патрапіць вучыцца ў амерыканскі ўніверсітэт, трэба абавязкова здаць TOEFL – тэст для замежнікаў на веданне ангельскае мовы. Калі тэст здадзены добра – дык можна адразу набіраць сабе курсы і вучыцца. Калі вынік не дастатковы, але вучыцца ўсё адно хочацца, тады трэба прайсці курс ангельскай мовы пры ўніверсітэце. У залежнасці ад ведаў студэнта такі курс можа заняць ад аднаго семестру, да пары гадоў.

 

Важны момант вывучэння мовы – гэта інтэграцыя студэнтаў у амерыканскае грамадства. Кожны жадаючы можа запісацца ў лік International Buddies (“міжнародных сяброў”). У гэтай студэнцкай арганізацыі замежнага студэнта знаёмяць з амерыканскім аднагодкам. Яны мусяць сустракацца прынамсі раз на тыдзень. Звычайна, такія “штучныя” сябры, становяцца сапраўднымі сябрамі, замежнік трапляе ў амерыканске асяроддзе свайго студэнцкага сябра.

 

У той жа час многія вялікія нацыянальныя суполкі арганізуюць ва ўніверсітэце свае клубы, альянсы ды таварыствы. Тайскае, індыйскае, кітайскае, філіпінскае, арабскае, рускамоўнае – усе яны праводзяць нацыянальныя фестывалі, вячэры, дні сваіх культур. Яшчэ адна адметная рэч з гэтага ліку – так званыя “гадзіны кавы” (coffee-hour). Раз на два тыдні ў Міжнародным студэнцкім цэнтры замежныя студэнты па чарзе прадстаўляюць свае краіны. Пасля паўгадзіннай прэзентацыі студэнты адказваюць на пытанні гасцей (сярод іх не толькі студэнты – вельмі шмат прыходзіць выкладчыкаў, жыхароў горада). Пасля гэтага – абавязковая кава з нацыянальным дэсертам.

 

 

З апошніх імпрэз, што ладзіў Міжнародны студэнцкі цэнтр, - Міжнародны фестываць ежы (дзе за 10 даляраў можна было пакаштаваць стравы больш як з дваццаці краін свету), ды ўдзел міжнародных студэнтаў у “Хатнім парадзе” (пра тое, як цяжка мне даводзілася тлумачыць розніцу паміж беларускім дзяржаўным ды нацыянальным сцягам, і што замежнікі ўвогуле ведаюць пра нашую краіну, раскажу асобна). Замежнікам проста не даюць увесь час сядзець у інтэрнаце ці ў інтэрнэце ды быць ізаляванымі ад грамадства. І хоць у маім БДУ было поўна кітайскіх студэнтаў, за пяць гадоў я пазнаёміўся з лічанымі прадстаўнікамі краіны Мао Цзэдуна. Тут жа за тры месяцы кітайцаў сярод маіх знаёмых не менш, чым амерыканцаў.

 

 

Самыя нечаканыя факты, пачутыя ад замежных студэнтаў пра іхнія краіны:

- Нацыянальная гульня ў Японіі – гэта бейсбол. Як і ў Амерыцы, бейсбол збірае сем’і на стадыёнах па выходных днях. А вось сумо – не такое папулярнае. Гэты старажытны від спорту глядзяць толькі дарослыя, у той час я моладзь штовечар бавіць час у караоке-барах. А яшчэ японцы амаль не адпачываюць. Толькі два тыдні на год. Пры гэтым час адпачынку нельга выбіраць: ён рэгламентаваны.

 

- Немцы дагэтуль цураюцца свайго сцяга. Яны яго ўсё яшчэ асацыююць з Гітлерам. Выйсці на вуліцу з нацыянальным сцягам для немца – раўназначна праяве нацызму. Спартыўныя мерапрыемствы – адзінае падстава для публічнай дэманстрацыі свайго сцяга.

 

- А вось факты пра Ісландыю:

- адзін і той жа прэзідэнт застаецца 16 гадоў ва ўладзе (праўда, у іх парламенцкая рэспубліка);
- у дзяржаўных органах - суцэльная карупцыя;
- пасля прыватызацыі ў 1990-я лепшыя кавалкі эканомікі дасталіся сябрам палітыкаў;
- калі справа тычыцца падаткаў, судзіцца супраць дзяржавы няма сэнсу: ніколі не выйграеш;
- гадавая інфляцыя ў 80% (была ў 2008, зараз стабілізавалася на ўзроўні 5%).

Такое беларускае дэжавю.

 

- Уся ўлада ў Азербайджане належыць прэзідэнту і ягоным сябрам-міністрам. Тэрытарыяльна краіна падзелена паміж міністрамі, як шляхецкія воласці. І кожны цягне грошы з выдзеленага яму надзела. Усе гэтыя праблемы ад нафты. Маючы гэты прыродны выкапень, аўтарытарнаму рэжыму не страшныя ніякія санкцыі: грошай заўжды хопіць.

 

- Іракцы з асаблівай пяшчотай распавядаюць пра гісторыю ды культуру краіны, але на пытанне ці бяспечна зараз ехаць туды замежным турыстам, стрымана адказваюць: “Пачакайце. Прыйдзе час”. Студэнты з Ірака ўпэўненыя, што не часы Хусэйна, а менавіта часы амерыканскай акупацыі (менавіта так называюць сучасны стан дзяржавы) ёсць найгоршым перыядам гісторыі краіны. Тысяччагадовая гісторыя была знішчана ў некалькі месяцаў, і невядома колькі часу пройдзе, пакуль усё будзе адбудавана.


Прочтено: 111


Вельмі цікава пішаш, Антон!

Вельмі цікава пішаш, Антон!

пішы, бро!пішы!

пішы, бро!пішы!

Отправить комментарий

Содержимое этого поля является приватным и не будет отображаться публично.
CAPTCHA
Защита от спама
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.