БЛОГ

Амерыка Антона Трафімовіча
Амерыка Антона Трафімовіча

Практыка ў амерыканскай раёнцы. Тыдзень першы

Практыка ў амерыканскай раёнцы. Тыдзень першы

Квадратны цагляны аднапярховік без вокнаў 30×30 м з трохметровай у дыяметры спадарожнікавай антэнай на даху. Так выглядае звонку рэдакцыя газеты Манхэтэн Меркуры - месца маёй практыкі на наступныя два месяцы.

Знайсці практыку ў Штатах зараз  складана. Як і па ўсім свеце, амерыканцы ўсё менш чытаюць газеты. Рэдакцыі як у малых, так і ў вялікіх гарадах зачыняюцца. Таму за апошняе дзесяцігоддзе да чвэрці журналістаў згубілі тут працу.

Але мне пашчасціла: з 20 разасланых анкет на практыку, адно месца-такі пацвердзілі. У тым самым канзаскім Манхэтане, дзя я толькі скончыў вучобу. Манхэтэн па нашых стандартах – раённы горад з насельніцтвам у 52 тысячы чалавек. А мясцовая газета Манхэтэн Меркуры выходзіць, што ёсць раённай газетай.

Падчас суразмовы перад пачаткам практыкі выпускаючы рэдактар Біл папярэдзіў наконт знешняга выгляду – ніякіх шлёпак і ніякіх шортаў. Хоць я так і не збіраўся прыходзіць у рэдакцыю, але менавіта так апранаюцца маладзёны з Канзаса з любой нагоды. Біл кажа, што трэба штодня апранаць блакітныя джынсы і кашулю.  Імідж рэдакцыі, маўляў.

Пачынаюць працаваць рана. Штораніцу карэспандэнты прыходзяць паміж 7 і 7.30. Практыкантам можна падцягвацца да 8.00. Але і гэты час для мяне неймаверна ранні. “Пажаданы”працоўны дзень – восем гадзін. Можна працаваць больш, можна менш. Але такім чынам, каб выходзіла 40 гадзін на тыдзень. Па такой самай схеме працуюць і штатныя журналісты. І плацяць ім не за апублікаваныя матэрыялы, а за час, праведзены за матэрыяламі.

У той жа час ніхто не сочыць за тым, каб журналісты працавалі, а не марнавалі час. Пісаць можна ў рэдакцыі, можна ў кавярні, а можна і дома. Кіраўніцтва спадзяецца на прыстойнасць журналістаў і давярае ім у вызначэнні адпрацаванага за тыдзень часу.

Працэнтаў 80 будынку квадратнай рэдакцыі без вокнаў займае ньюсрум. Адрозніць журналістаў ад нежурналістаў пакуль цяжка. Сталы заваленыя старымі выпускамі штодзённай газеты. Ва ўсіх супрацоўнікаў розныя кампутары. У некаторых новыя Apple, а ў іншых дык і зусім старажытныя PC з велізарнымі крысталічнымі маніторамі. У колькіх на сталах ляжаць яшчэ больш старажытныя калькулятары з сілкаваннем ад разеткі. Рыхтык, як у беларускіх вясковых бухгалтэрыях 20 год таму.

За адзін са сталоў, дзе свабоднага ад старых газет месца хапае толькі для ноўтбука, усаджваюць працаваць мяне. Каб прынес свой ноўтбук, мяне папярэдзілі загаддзя. Таму што кожны дзень буду сядзець толькі там, дзе вольна. Калі вольнага месца не знойдзецца, абяцалі адпраўляць у канферэнц-залу.

Замест радыё на ўсю рэдакцыю гучыць нейкі перадатчык ці то 911, ці яшчэ нейкіх ратавальнікаў, што перагаворваюцца паміж сабой цэлы дзень.

Першы тыдзень праходзіць за ўзгадненнем тэмаў для спецвыпуску, над якім буду працаваць я і другі практыкант Джэрэмі. Рэдактар кажа, што на дваіх нам трэба напісаць каля 100 артыкулаў. Магчыма, нават давядзецца вярстаць самім.

Маю надзею, што-такі спраўлюся з усімі новымі для сябе абавязкамі.

Паглядзім, што здарыцца далей...


Прочтено: 3919


Отправить комментарий

Содержимое этого поля является приватным и не будет отображаться публично.
CAPTCHA
Защита от спама
Заполните, пожалуйста, поле