БЛОГ

Амерыка Антона Трафімовіча
Амерыка Антона Трафімовіча

Час тарнада

“Вазьмі пашпарт і ноўтбук, як будзеш сыходзіць з дому. Сёння магчыма тарнада”, - кажа мне раніцай сусед. “Калі застанешся дома, на час тарнада можам паехаць да майго сябра – у яго добры падвал”.

Вясна ў Канзасе – самы гарачы час. Але не на сейбішчы. Красавік і травень – пік тарнада па ўсім Сярэднім Захадзе. І ў той час як па Дыскаверы паказваюць радасных лаўцоў тарнада, я не хацеў бы ведаць, што гэта такое з уласнага досведу.

Цэлы дзень па радыё і тэлебачанні адно толькі размовы пра тарнада. Мапы з навальніцамі расходзяцца у сацыяльных хутчэй за відэа з коцікамі. На ўсіх мясцовых сайтах – правілы эвакуацыі. Найлепшае – хавацца ў падвал. Калі яго няма – у самае нізкае месца ў кватэры, і каб падалей ад вокнаў. Ванная лічыцца адным з самых бяспечных месцаў. Таксама пажадана накрыцца матрасам, каб, калі паваляцца сцены, не раздавіла. І абавязкова тэба быць абутым, таму што многія, вылазячы з разбураных дамоў басанож, рэжуць свае ногі рознымі аскепкамі.

А дамы паваляцца. Хоць тарнада здараюцца у Канзасе штогод, большасць месцічаў дагэтуль будуюць дамы не з цэглы, а з дрэва. Але такога хісткага, што пры добрым тарнада нічога апрача цэментнага падмурку не застанецца. І ўсё адно будуюць. І не з’язджаюць. Свая зямля.

Тры тыдні таму я быў у Джопліне. Там летась тарнада прайшлося праз 50-тысячны горад. Варонка з хуткасцю ветра ўнутры 500 км\г ішла акурат пасярэдзіне горада. За пару гадзін яна прапусціла Джоплін праз сваю мясарубку. Школу, шпіталь і чатыры тысячы дамоў проста здзьмула.

У навінах фоткі ад лаўцоў тарнада. У фэйсбуку пішуць пра град памерам з бейсбольны мяч. Універсітэцкі сайт таксама цэлы дзень папярэджвае студэнтаў заставацца блізка да сховішчаў.

Для тарнада існуе дзве ступені папярэджанняў: tornado watching ды tornado warning. Watching, ці назіранне, гэта калі ўмовы надвор’я могуць паспрыяць стварэнню тарнада. То бок, гэта толькі патэнцыйнае тарнада. Warning – гэта ўжо сур’ёзна. Гэта азначае што моцная навальніца вось-вось  ператворыцца ў тарнада.

Ад раніцы надвор’е змяняецца кожныя паўгадзіны. Ідзе дождж, але праз 25 градусную спёку за наступныя паўгадзіны зямля высыхае. Парывісты і вельмі моцны вецер. Субота, выходны, у горадзе вельмі ціха, быццам усе пахаваліся ўжо па сваіх падвалах і чакаюць тарнада. Ад пераднавальнічнай цішыні становіцца млосна.

Каля шостай гадзіны першыя навіны: небяспека тарнада ў гарадку Салайна, што за 100 км ад Манхэтана. У Амерыцы іншае пачуццё адлегласцяў, і 100 км – гэта не адлегласць увогуле. Салайна – па паўднёвым захадзе ад Манхэтана. А метэаролагі кажуць: тарнада рухаецца на паўночны ўсход. Акурат у абдымкі Манхэтана.

Збіраю рэчы і еду ў бібліятэку. Бібліятэка – хіба што самы трывалы будынак на кампусе. Да таго ж яна не зачыненая ў суботу. Адсюль гляджу абнаўленні надвор’я. Каля першай гадзіны начы, пачынаецца моцны вецер, не перастаюць біць маланкі. Але пакуль стыхія дзесьці далёка і гук навальніцы нават не даходзіць.

У фэйсбуку мясцовага тэлеканала – tornado warning. На мапе відаць што эпіцэнт навальніцы, з якой можа нарадзіцца тарнада, ужо ў 30 км ад Манхэтана.

У бібліятэцы, на дзіва, не так шмат людзей. Некаторыя спяць, але большасць уткнулася ў маніторы ды сочыць за абнаўленнямі на твтітэры. Нехта чытае смс услых.

 “Я жывая. Люблю цябе”. Гэта мама даслала, яна жыве пад Вічытай”, - кажа хлапец.

Калі Вічыты было некалькі тач-даўнаў, гэта значыць тарнада прайшлося па зямлі.

Чацвёртая раніцы. Чытаю апошняе паведамленне перад тым, як ісці дамоў: “Tornado watch захаваецца да 6 раніцы. Дажды і навальніцы з’яўляюцца па ўсёй мясцовасці, але нічога сур’ёзнага”.

Хочацца верыць, што нічога сур’ёзнага-такі не здарыцца.


Прочтено: 1493


Отправить комментарий

Содержимое этого поля является приватным и не будет отображаться публично.
CAPTCHA
Защита от спама
Заполните, пожалуйста, поле