БЛОГ

Амерыка Антона Трафімовіча
Амерыка Антона Трафімовіча

10 прычын не любіць Амерыку, альбо Заганы ЗША вачыма беларуса

Вядома, у Амерыцы добра. Менавіта сюды прыязджае найбольш эмігрантаў з усяго свету. Тут можна зрабіць сабе кар’еру з нуля. У Штатах заробкі высокія, а кошты нізкія. Мінакі на вуліцы тут усміхаюцца адзін адному... Можна доўга пералічваць перавагі жыцця ў Амерыкі. Але сёння я хачу пералічыць тое, за што трэба не любіць Амерыку.

1. Пачаць бы з таго, што ў Амерыцы няма туалетаў. Ёсць bathroom – ванны пакой, у якім таксама стаіць унітаз. Прыбіральня і ванная ва ЎСІХ кватэрах ЗАЎЖДЫ сумешчаныя. У ангельская мове нават слову “занята” суадносіцца “occupied”, што літаральна перакладаецца як “акупавана”. І калі тата пайшоў раніцай у душ і “акупаваў” увесь пакой, дык жонцы і дзеткам трэба трываць, пакуль не скончыцца гэтая “акупацыя”.

2. У той час, як ЗША – сэрца глабалізму, краіна застаецца па-за сусветнымі стандартамі. Так, тут дагэтуль ёмістасць вымяраюць у галонах (1 галон = 3,8 літра), тэмпературу – па шкале Фарэнгейта (32F = 0C), адлегласці ў мілях (1 міля=1,6 км), а вагу – у фунтах і ўнцыях (1 фунт = 0,46 кг, 1 унцыя = 28 гр.). А яшчэ тут разеткі іншай формы і з напружаннем у два разы слабейшым за беларускае. І стандартная піўная бутэлька – гэта ўсяго 0,34 л.

3. Без машыны ў Штатах няма чаго рабіць. Выключэнне – вялікія гарады на Ўсходнім і Заходнім узбярэжжы. Сістэма грамадскага транспарту – вельмі неразвітая. Аўтобусы ёсць. Але кошты на іх дзе-небудзь на Сярэднім Захадзе неверагодна высокія. А цягнікі – гэта турыстычная забава. На сайце адзінага чыгуначнага перавозчыка – “Амтрака“ – кірункі цягнікоў нават пазначаныя як “туры”. Ну й кошты на гэтыя туры разлічаныя хіба што на турыстаў.

4. У нешматлікіх гарадах, дзе грамадскі транспарт усё ж такі ёсць, будзьце гатовы стаць адзіным белым чалавекам, калі збіраецеся праехаць пару прыпынкаў на аўтобусе ці ў метро. Таму што аўтобусы, лічаць у Штатах, – гэта для бедных. А па статыстыцы цемнаскурыя зарабляюць найменш сярод усіх расаў у ЗША.

5. Машына мусіць быць вялікай. Амерыканцы вядомыя сваёй схільнасці да вялікіх аўто. Але чым кіруецца 80-кілаграмовы кіроўца 6-тоннага “форда”-пікапа, калі штодня карыстаецца сваім металічным монстрам, каб адному(!) дабрацца да працы, куды можа дайсці пешкі за 15 хвілінаў? Ну й вядома, ягоная жонка ездзіць на сваёй машыне. Хутчэй за ўсё, мінівэне. А яшчэ амаль усе дзеці з 16 гадоў у школу ездзяць на сваіх машынах. А таму звычайна колькасць машын у сям’і большая за колькасць членаў сям’і.  Пра паліва пры гэтым ніхто не клапоціцца, таму што бензін у пераводзе на беларускія грошы каштуе тут  6000-7000 тысяч рублёў  за літр. Кошт амаль як у Беларусі, пры тым, што сярэдні заробак у ЗША прынамсі ў 10 разоў вышэйшы за наш.

6. Па ўсім свеце амерыканцаў пазнаюць па вопратцы. Але не па брэндах, а па тым, што яны апранаюць штодня. Шорты, шлёпкі і футболка – гэта стандартная вопратка не толькі для пляжа, але, напрыклад, і для ўніверсітэта. Студэнты могуць прыйсці на заняткі ў піжаме і хатніх пантофліках. А балахон падыдзе для любой нагоды.

7. Першы раз многія студэнты каштуюць піва на... трэцім курсе. Калі ім спаўняецца 21 год. І сябры ва ўніверсітэце падзяляюцца на тых, хто «ва ўзросце», а значыць з імі можна пайсці ў бар на выходных, і тых, хто «не ва ўзросце». («Недаросткі» звычайна ладзяць свае патаемныя п'янкі.)

8. Калі нехта думае, што Святая Зямля ў Палестыне, дык значыць ён яшчэ не быў у Аклахоме ці Тэхасе. Вось дзе сапраўдная Святая Зямля! Гішпанцы і мексіканцы, якіх традыцыйна адносяць да 100% вернікаў, дзіву даюцца, як кожны другі амерыканец на Сярэднім Захадзе праз пяць хвілін пасля знаёмства прапаноўвае пагаварыць пра адносіны з Богам. А яшчэ праз пяць хвілін – запросіць у сваю – самую правільную – царкву. Калі ў Еўропе адна царква на дзесяць бараў, у Штатах дзесяць цэркваў на адзін бар. У некаторых штатах дагэтуль забаронена выкладаць тэорыю эвалюцыі Дарвіна. Дзесьці з рэлігійных прычын не прадаюць алкаголь. І ўзгадайце прэзідэнцкія выбары ў ЗША: калі ты не фанатычны хрысціянін, ніколі за цябе не прагаласуе Сярэдні Захад.

9. У той жа час хрысціянам па Канстытуцыі дазволена трымаць зброю дома. Раней, дык у кожнага студэнта у ягоным пікапе ляжала ружжо, якое яны не выкладалі, нават едучы ва ўніверсітэт. Пасля стрэлаў у школах і ўніверсітэтах у 90-х зброю забаранілі... браць з сабой у школу. Амерыканцы ў сваю чаргу не могуць уцяміць, як у астатнім свеце шараговыя грамадзяне не могуць набыць зброю у краме. Гэта ж, кажуць яны, адзіны спосаб самаабароны.

10. Прыватная ўласнасць, якой так ганарацца амерыканцы, на беларускі погляд – суцэльная загана. Тут нельга пайсці у грыбы ў любы лес, нельга разбіць намёт проста ў полі, таму што поле – фермерскае, а лес – лес хіба што належыць якойсці лясной кампаніі. Большая частка зёмляў – гэта прыватная ўласнасць, а таму яна абгароджаная плотам.


Прочтено: 1485


сябра, калі табе ёсьць за што

сябра, калі табе ёсьць за што не любіць Амэрыку, то вяртайся: тут, на Радзіме, нашмат лепей!

Отправить комментарий

Содержимое этого поля является приватным и не будет отображаться публично.
CAPTCHA
Защита от спама
Заполните, пожалуйста, поле