БЛОГ

Амерыка Антона Трафімовіча
Амерыка Антона Трафімовіча

Мае ўніверстітэты

У маім універсітэце студэнты не падзелены на групы: кожны ходзіць на той прадмет, які патрэбны толькі яму. Ва ўніверсітэце няма дэканацкіх праверак, выкладчыкаў называюць толькі па імені. У журнале, насупраць імя студэнта, размешчаны ягоны фотаздымак з подпісам, як студэнт просіць называць яго. Было б дзіўна, калі б гэты ўніверсітэт быў у Беларусі. Ад жніўня гэтага года я вучуся ў ЗША, у штаце Канзас. Пра студэнцкія ды не толькі дзівосы я буду распавядаць у гэтым блогу.

Сістэма адукацыі кожнай краіны адлюстроўвае яе дзяржаўны лад. Так, у аўтарытарнай Беларусі студэнты пазбаўлены ўсялякага права выбару прадметаў. Прынамсі, такога права на журфаку БДУ я не меў да чацвёртага курса. Усё, што можа выбраць студэнт – гэта факультэт і спецыяльнасць. Астатняе за студэнта вырашаюць цётачкі ў дэканаце. Ад іх залежыць, ці прачынацца табе ў панядзелак на пару а восьмай раніцы, ці спаць ад абеду. Па аповядах знаёмых, у камуністычна-капіталістычным Кітаі у студэнтаў яшчэ менш выбару. Мала таго, што там таксама нельга выбіраць курсы, дык яшчэ і жыццё студэтаў па-за заняткамі таксама пад пільным вокам універсітэцкіх уладаў. Так, у прызначаны час усе студэнты мусяць займацца самападрыхтоўкай. А ўвечары, а 10-й ці аб 11-й гадзіне па пакоях ідуць правяраючыя, ды выключаюць святло: загад – спаць!

Таму дзеці з усяго свету, у каго ёсць такая магчымасць, едуць вучыцца ў Амерыку - у краіну дэмакратычнай адукацыі.

У чым заключаецца дэмакратыя адукацыі ў Штатах? Я бы вызначыў тры асноўныя моманты.

Па-першае, гэта выбар спецыяльнасці. Як ужо пісаў ў пачатку, у амерыканскім універсітэце няма групаў, якія ёсць ва ўсіх беларускіх ВНУ. Перад пачаткам семеста кожны студэнт выбірае курсы, якія ён будзе праходзіць. Калі гэта undergraduate (у нашай сістэме - студэнт 1-5 курса), гэта у сярэднім 4-5 курсаў, калі graduate - магістр ці аспірант, гэта тры курсы. Ёсць абавязковыя курсы, але ў большасці студэнт выбірае тое, што яму цікава. Свой расклад ён прыватна абмяркоўвае са куратарам – прафесарам з факультэта. За паспяхова пройдзены курс студэнт атрымлівае так званы крэдыт – залік. Для кожнай спецыяльнасці неабходна набраць сваю колькасць крэдытаў. Калі студэнт “спяшаецца”, і ў яго няма часу вучыцца чатыры гады, ён можа набіраць кожны семестр не 4-5, а 6-7 курсаў. Такім чынам ён можа значна скараціць час, праведзены ва ўніверсітэце. Некаторыя ж, наадварот, атрымліваюць асалоду ад бесклапотнага студэнцкага жыцця, ды бяруць менш курсаў і вучацца даўжэй.

Другая прыкмета універсітэцкай дэмакратыі – гэта змена спецыяльнасці. У Беларусі ў мяне было поўна аднакурснікаў, што ўжо на першым курсе скардзіліся, што ім не падабаецца вучыцца. Амерыканскія студэнты, калі такое здараецца з імі, не скардзяцца. Яны проста пераводзяцца на іншую спецыяльнасць. Хтосьці пасля першага году, хтосьці – пасля трэцяга. Вось адзін знаёмы вучыўся на медыка, а потым вырашыў падацца ў эканоміку. Вядома, ён губляе год, калі не два, навучання ва ўніверсітэце. Але амерыканцы так мяркуюць: лепш я згублю два гады ва ўніверсітэце, чым потым буду займацца ўсё жыццё тым, што мне ўжо зараз не падабаецца. У нас жа паступленне на любую спецыяльнасць лічыцца конам.

Ну і трэцяе. Наведванне. Звычайна наведванне лекцый ва ўніверсітэце – гэта справа выбару. Большасць выкладчыкаў свае прэзентацыі з лекцый, а часам і суправаджальнае відэа да іх, выкладваюць ў інтэрнеце. Маўляў, хочаце – прыходзьце да мяне ў аўдыторыю. Хочаце – пампуйце ды вучыцеся дома. Хаця некаторыя хочуць бачыць поўныя аўдыторыі, а таму нікуды свае лекцыі не выкладаюць. І тады няма выбару: трэба хадзіць на заняткі ды пісаць канспект, бо ў іншым выпадку - не здасі іспыт, у які будуць уключаны пытанні з лекцый.

А вось тое, што ў Беларусі палічылі бы за нонсэнс. Што не пракаціць у Штатах:

У амерыканскай сістэме адукацыі два галоўныя грахі – спісванне і плагіят. Калі ты падглядаеш адказы суседа на тэсце, калі ты даеш адказы на онлайн-тэст іншым – ты парушальнік універсітэцкіх правілаў. Болей таго, калі ты заўважыў, што у цябе спісваюць, і нічога не зрабіў – то бок, не здаў, як сказалі б у нас – ты таксама парушальнік. Кожны студэнт, калі ён бачыць, як нехта спісвае, мусіць далажыць пра нячэснага брата. Пакуль не чуў пра такія выпадкі на маіх курсах. Але абяцаюць вельмі сур’ёзнае наказанне.

Але ўсё блекне перад плагіятам. Гэта найстрашнейшы грэх, у якім можна абвінаваціць студэнта. Плагіят – гэта калі ты чужы тэкст выдаеш за свой. І не спасылаешся на аўтара. Нават запазычыць ідэю і перадаць яе сваімі словамі без указання крыніцы – гэта плагіят. Калі студэнта-такі заўважаць у плагіяце, яго можа чакаць нават адлічэнне. Але што яшчэ страшней, гэта пазнака аб улічэнні студэнта ў плагіяце ў ягонай выпісцы. У электроннай форме з адзнакамі па кожным прадмеце будзе значыцца яшчэ і тое, што студэнт некалі саграшыў у выкарыстанні чужых працаў. І гэта можа паўплываць на працаўладкаванне пасля заканчэння ўніверсітэта. У адносінах да грахоў амерыканская сістэма адукацыі больш нагадвае іслам, чым хрысціянства: ніякае пакаянне, ніякая споведзь не зачысціць тут мінулых грахоў.

 

Антон Трафімовіч, нарадзіўся ў Магдэбургу, ГДР, ў сям’і вайскоўцаў у 1987 годзе. На пачатку 1990-х сям’я пераехала ў Слонім. Скончыў інстытут журналістыкі БДУ ў 2010 годзе. Кар’еру ў журналістыцы пачынаў у “Газеце Слонімскай”. Супрацоўнічаў з газетай “Труд в Беларуси”, друкаваўся ў шэрагу газет і часопісаў. З 2009 года працуе ў штотыднёвіку “Аргументы и факты в Белоруссии”. З 2011 па 2012 год навучаецца ў Канзаскім дзяржаўным універсітэце, ЗША.


Прочтено: 56


Отправить комментарий

Содержимое этого поля является приватным и не будет отображаться публично.
CAPTCHA
Защита от спама
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.