22 Апрель 2013

Каб цябе сонца не грэла

Каб цябе сонца не грэла

Люблю сваю Слонімшчыну. Ды і як яе не любіць?! Некалькі гадоў таму надарылася мне неяк па сваіх краязнаўчых справах завітаць у адну з аддаленых вёсак Слонімскага раёна.

Автор: Сяргей ЧЫГРЫН

І хоць мяне, як Шурыка з камедыі “Каўказская палонніца”, фальклор у дадзенай сітуацыі зусім не цікавіў, устрымацца, каб не запісаць усё, што пачуў, я просто не мог. І гэта не выдуманая мною гісторыя, а быль. Быль, які я памятаю да сённяшніх дзён.

Аўтобус спыніўся на вясковым прыпынку, і праз нейкую хвіліну я ўжо крочыў па зялёнай і пахучай ад бэзу вуліцы. І раптам вясковую цішыню і мае думкі парушылі жаночыя галасы. Падыходжу бліжэй і бачу, як дзве мажныя загарэлыя жанчыны, як быццам хто іх кіпенем ашпарыў, з’едлівымі і звонкімі галасамі крычалі адна на адну. На суседзяў і незнаёмых людзей яны ўвагі не звярталі. Галоўнае, каб іх усе чулі. Адна стаяла на вуліцы каля сваіх веснічак, другая — каля сваіх. І крычалі яны, сварыліся так гучна, што пачалі збірацца недалёка ад іх вяскоўцы і слухаць, глядзець, што адбываецца.

Падыйшоўшы да жанчын, я зразумеў, што трапіў на самы пачатак сваркі. Сапраўды, прэлюдыя ўжо закончылася і пачалося самае яркае — праклёны. Першая кабета, з бародаўкаю на шчацэ, гучна заявіла: “Каб твае дзеці на ліхтар гаўкалі”.

Другая пісклявым голасам у адказ: “Каб ты на лямпачку глядзела, як на сліву…”.

Я хуценька дастаў блакнот і толькі паспяваў запісваць: “Каб у тваіх свіней рогі павырасталі”, “Каб цябе калхозны бык убрыкнуў”, “Каб цябе ў лыжцы ўтапілі”, “Каб з цябе вантробы вытрыбушыла”, “Каб з цябе чэрці вяроўкі вілі”, “Каб у цябе калом язык стаў”, “Каб табе на тым свеце дна не было”, “Каб ты на беразе ўтапілася”, “Каб цябе пярун калядны спаліў”, “Каб цябе сонца не грэла”, “Каб цябе ў чыстым полі дзверы прыціснулі”, “Каб ты да гэтых веснічак прырасла”, “Каб…”. О, яшчэ многа было гэтых “каб”. Я нават і не паспеў усё запісаць.

Нарэшце, запас усіх праклёнаў скончыўся. Праўда, адна з жанчын яшчэ паспела сказаць: “Крычы - крычы, на лета за пастуха згодзіш”.

Але далей пачалося самае арыгінальнае, бо ў сварцы, вы ж ведаеце, шаноўныя сябры, перамагае цярпенне: хто даўжэй застанецца на вуліцы — той пераможца.

Першай з іх у хату ісці ні адна не хацела — людзі ж глядзяць, падумаюць — прайграла. Таму жанчына з бародаўкай на шчацэ, не саромеючыся сваіх аднавяскоўцаў, падняла спадніцу і закрычала: “Любуйся, любуйся, вось табе люстэрка!”

Для другой гэта было, як гром з яснага неба. Але яна не разгубілася. Пасля слоў “каб цябе ў сук сагнула”, яна таксама стала ракам і зрабіла тое ж самае.

Пэўны час ішла “перастрэлка” задніцамі. Вяскоўцы ад спеху аж за жываты ўзяліся. Здавалася, што такога “канцэрта” у іх вёсцы не было ніколі. І невядома, чым усё скончылася б, калі б, скуль ні вазьміся, муж адной з іх прыйшоў на абед.

“Чаго стаіш збоку прыпёку: здымай штаны і пастой замест мяне, а я пайду карову падаю”, — сказала кабета і імгненна спусціла мужу штаны да кален…

Вяскоўцы анямялі ад убачанага. А суседка, якая стаяла насупраць, адвярнулася і глянула на свайго “ворага”. Але, нічога не зразумеўшы, на ўсю вуліцу пераможна заявіла: “Людцы добрыя, глядзіце, глядзіце, хацела мяне запрэгчы ў хамут. У яе ўжо кішкі паміж ног целяпаюцца, а яна ўсё стаіць. Дабрахалася да ліхога канца…”.

Што было далей, я не ведаю, хоць у народзе кажуць, што ад сварак не баліць карак. Прызнаюся толькі, што мне было ўжо не да краязнаўчых пошукаў. Пад шчыры і вясёлы рогат жыхароў вёскі я вяртаўся на аўтобусны прыпынак. Вяртаўся і думаў, што яшчэ жыве наш беларускі фальклор, а значыць жыве і вёска.

Што мяне тады здзівіла, дык гэта тое, што жанчыны не сказалі ніводнага мата. А вось праклёнаў адна на адну вылілі шмат.

Вядома, праклёны я з маленства чуў у сваёй роднай вёсцы, асабліва іх шмат вяскоўцы казалі на хатніх жывёл. Самым такім яркім праклёнам заўсёды быў такі: каб цябе калядны пярун забіў.

З маленства памятаюцца на сабак, коней і катоў такія праклёны: куды ты гоніш, каб з цябе вантробы выгнала; калі шматану, дык ты як жыкаўка акруцішся; каб ты выстагнаў тоя, што паеў чужоя; каб ты трасцу наспаў, як ты дзень пры дні спіш; што ты круцішся, як вужака; што ты ляпу расхляпіў, хоць ты калясьмі ўязджай; Поскудзь ты! Паскуднік ты!

На людзей пасылаліся іншыя праклёны, асабліва на п’яніц, злодзеяў, гультаёў. Памятаюцца такія: каб табе праз бок вылезла тое, што ты маё з’еў; каб табе адсохла рука пад самы локаць; каб цябе скула ела, як ты мой хлеб еў; каб цябе на вяроўцы вадзілі, як ты маёго коніка павёў; каб цябе лучынай змерылі, як ты маю зямельку мерыш; каб ты апошні раз крычаў, як ты крычыш на маіх дзетак.

Праклёны бываюць розныя. Бываюць жартаўлівыя, вясёлыя і чулліва-балючыя. Нядаўна гісторык Алесь Смалянчук у інтэрв’ю Міхасю Скоблу расказаў, як зневажалі беларусы расейскага імператара. Гісторык прааналізаваў следчыя справы аб знявазе з 1868 па 1893 год.  І самым страшным праклёнам быў: каб зямля яго косткі выкінула — так беларусы пракліналі Аляксандра ІІ.


Прочтено: 200


Супер-материал. Давно не

Супер-материал. Давно не смеялась. Спасибо.

Отправить комментарий

Содержимое этого поля является приватным и не будет отображаться публично.
CAPTCHA
Защита от спама
Заполните, пожалуйста, поле