30 Август 2013

Старыя прыпеўкі са слонімскіх вёсак

Старыя прыпеўкі са слонімскіх вёсак

З маленства заўсёды мне прыгадваецца мой вясковец з вёскі Хадзявічы Слонімскага раёна Іван Апанасавіч Рагозік.

Автор: Сяргей ЧЫГРЫН

Працаваў ён у Слоніме на мясакамбінаце простым рабочым. Ездзіў з вёскі ў Слонім на ровары, а часцей за ўсё на мапедзе. Адлегласць невялікая — усяго 10 кіламетраў. Быў ён, як казалі ў вёсцы, гарадскім чалавекам.

Бачу і сёння, уяўляю, як ён праз лес едзе на сваім мапедзе, бо сядзеў на ім неяк важна, ганарыста. Але больш за ўсё прыгадваецца, як Іван Апанасавіч іграў на гармоні.

Асабліва любіў браць яе ў рукі, калі трохі вып’е, а выпіць ён любіў. Праўда, далёка не так, як сёння ў вёсках і гарадах беларусы хлепчуць сівуху, як ваду. Ён піў па выхадных днях. А потым браў у рукі гармонь, неяк хіліў на бок сваю галаву і іграў, а таксама прыгожа спяваў. Што ён спяваў — сёння ніяк не магу прыпомніць. А вось адну прыпеўку запомніў на ўсё жыццё:

Эх, мілка мая,

Закінь ножку на міня,

Закінь ножку правую —

Пакажы кудравую.

Свой “канцэрт” ён заўсёды пачынаў з гэтай прыпеўкі. Але тады я, маленькі хлопчык, хоць і запомніў прыпеўку дзядзькі Івана, ды ніяк не мог зразумець: што за “кудравую” прасіў паказаць музыкант у сваёй мілкі?.. Я так хацеў даведацца, але саромеўся ў кагось пытацца, а ў дзядзькі Івана тым больш.

Спявалі прыпеўкі ў вёсцы і іншыя дзядзькі і цёткі. Але тыя прыпеўкі неяк пераклікаліся адна з другой. Праўда, некаторыя з іх таксама засталіся ў памяці:

***

Я бывала ўсім давала

Па чатыры разы ў дзень,

А цяпер мая давалка

Атрымала бюлецень.

***

Я прыпеўкі прыпявала —

Захваціў мяне ацец:

На работу дочкі нету…

Но за гэта маладзец! 

***

Трактар паша, трактар паша —

Трактарыст платочкам маша,

Ты платочкам не машы,

А лепей полюшка пашы.

***

Дарагая ты падруга

У каго ж ўлюбілася?

Адна хата на тры брата —

І тая развалілася.

***

Што ты мілы задаешся —

Сволач ты паршывая,

Твае ножкі, як у кошкі —

Шыя петушыная.

***

Палюбіла лейтэнанта,

І маёра хочацца.

Гавараць, што у маёра

Па палу валочыцца.

***

Дарагая ты падруга,

Прашу не указываць.

Тваім доўгім языком

Сквараду падмазываць.

***

Пасадзіла пятуха,

Пасажу і курыцу.

Дзеда спаць палажу —

Сама пайду на вуліцу.

У 1994 годзе рэдакцыя газеты “Звязда” вырашыла правесці конкурс прыпевак. Якое было здзіўленне, калі на гэты конкурс адгукнулася больш людзей, чым рэдакцыя магла нават уявіць. Пісалі практычна з усіх куткоў Беларусі. Здавалася, што конкурс прыпевак абудзіў прытоены, незапатрабаваны народны талент. Потым гэтыя прыпеўкі рэдакцыя выдала асобнай кніжачкай. Пісалі ў “Звязду” на конкурс і людзі са Слонімшчыны. Актыўнай была Наталля Кніга з вёскі Касцяні. Памятаю да сённяшніх дзён яе прыпеўкі:

Кофту модную пашыла

І спаднічку вузкую.

Не чапайце маю мову

Мову беларускую.

***

Прыбіральшчыцай Марыля

Прарабіла адзін год.

За бутэлькі прыкупіла

Новай маркі самалёт.

Але найбольш прыпевак ведаў мой зямляк, кандыдат філалагічных навук, фалькларыст і энцыклапедыст Янка Саламевіч, вечная яму памяць. Як было весела і цікава з ім сустракацца, вы нават і ўявіць не можаце. Ён ведаў усё і ўсіх здавалася на свеце, і асабліва беларускі фальклор. Ён мог без адпачынку суткамі спяваць беларускія прыпеўкі, якія запамінаў адразу. Ён памятаў нават тыя, якія ў ягонай вёсцы Вялікая Кракотка спявалі ў 1940-х —1960-х гадах. Ён прыпеўкі не проста расказваў, а спяваў, а таксама да кожнай прыпеўкі меў свой каментар. Напрыклад, ягоны дваюрадны брат Сяргей у 1947 годзе спяваў:

Пайшоў дзед вальца,

Пайшоў дзед вальца.

Вывернуў капусту,

Апарыў яйца.

Ці пра нейкую Палагею:

Пайшла танцаваць

Наша Палагея:

Спераду барабан,

Ззаду батарэя.

А сябар Янкі Саламевіча Валодзя Сацута ўспамінаў, як адна жанчына выказвала сваю адзіноту:

Наварыла, напякла —

Няма каму есці.

Лягла, ногі развяла —

Няма каму лезці.

Ну і яшчэ адну, якую Янка Саламевіч пачуў ад свайго сябра Анатоля Валахановіча:

Мяне мілы тузаў, тузаў,

Думаў, што я без рэйтузаў.

—Дурань ты, не рві штаны,

Гузік з левай стараны!

Некалі беларускі кампазітар Рыгор Шырма казаў: “Песня — душа народа”. Дык давайце разам шанаваць нашы песні, нашы прыпеўкі! 


Прочтено: 2884


Отправить комментарий

Содержимое этого поля является приватным и не будет отображаться публично.
CAPTCHA
Защита от спама
Заполните, пожалуйста, поле